ШАЎКО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна тэкстыльнай прамысловасці па вырабе шаўковых тканін з натуральных і сінтэтычных валокнаў (гл. Шоўк). Уключае вытв-сці: коканаматальную, шоўкапрадзільную, круцільную, ткацкую, фарбавальна-аддзелачную. Найб. развіта ў Японіі, ЗША, Кітаі, Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Індыі.
На Беларусі ткацтва шаўковых тканін пачалося ў 18 ст., калі на прывазной сыравіне працавала Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў. З 1781 дзейнічалі Шклоўская шаўкаткацкая мануфактура, у канцы 19 — пач. 20 ст. — Альбярцінская шоўкакруцільная фабрыка і Лахазвянская шоўкакруцільная фабрыка. Сучасная Ш.п. створана пасля Вял. Айч. вайны. Найб. буйныя прадпрыемствы Ш.п. (2003): Віцебскі камбінат шаўковых тканін, Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Светлагорскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно»; выпуск шаўковых тканін наладжаны на Магілёўскай стужкаткацкай фабрыцы, Кобрынскай прадзільна-ткацкай ф-цы, Слонімскай тэкстыльнай ф-цы і інш. Асн. сыравіна (хім. валокны) для Ш.п. вырабляецца на Беларусі. Выпушчана (2001) шаўковых тканін 36 491 тыс. пагонных метраў. Частка прадукцыі экспартуецца.
П.І.Рогач.
т. 17, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)